З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел. нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш. ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.Карскі, А.Шахматаў, праф. М.Любаўскі, М.Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.
В.Г.Мазец.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)